RU BE ZH-CN EN
logo

Славгородский

районный исполнительный комитет

Официальный сайт

Адрес: 213245, г. Славгород, ул. Октябрьская, 3

Телефон приемной: 8 (02246) 79-625

E-mail: slavrik@slavgorod.gov.by

Режим работы: понедельник-пятница с 8.00 до 13.00, с 14.00 до 17.00

Известные люди Славгородской области

Навука

Аксёненка Рыгор Раманавіч
(1930 — 11.01.1991)

Прафесар, доктар медыцынскіх навук.

Нарадзіўся ў 1930 г. у в. Ганчароўка Слаўгарадскага раёна. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Васькавіцкай СШ у тры этапы: пайшоў у школу да вайны, вучыўся ў вайну і ў пасляваенны час. Скончыў школу з сярэбраным медалём. З медалём у 1950г. прайшоў па конкурсе ў Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію імя С.М.Кірава. У 1956 г., атрымаўшы дыплом, быў накіраваны на Паўночны флот на пасаду ваеннага медыка. У 1964 г. абараняе кандыдацкую дысертацыю. У 1965 г. Р.Аксёненка прызначаецца выкладчыкам, потым старшым выкладчыкам кафедры эпідэміялогіі і гігіены ваенна-медыцынскага факультэта пры Томскім медінстытуце. У 1974 г. абараніў доктарскую дэсертацыю. У 1977 г. прызначаецца загадчыкам кафедры эпідэміялогіі і гігіены ваенна-медыцынскага факультэта пры Куйбышаўскім медінстытуце. Тут ён працаваў 8 гадоў.

Яго праца адзначана ордэнам «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» ІІІ ступені, медалямі, аўтарскім пасведчаннем «Вынаходца СССР».

У 1984 г. палкоўнік медыцынскай службы Р.Р.Аксёненка зволіўся ў запас, вярнуўся ў Беларусь і пачаў працаваць у Мінскім інстытуце ўдасканалення ўрачоў.

Памёр 11 студзеня 1991 г.


Балукоў Іван Цімафеевіч
(1922 — 1991)

Доктар эканамічных навук, прафесар.

Нарадзіўся ў 1922 г. у в.Бярозаўка, Слаўгарадскага раёна. У 1937 г. пасля заканчэння сямігодкі паступіў у Магілёўскае дашкольнае педвучылішча, потым — у ваеннае авіяцыннае вучылішча. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце, штурман самалёта. У 1945 г. у паветраным баі страціў нагу. У гэтым жа годзе былы франтавік стаў студэнтам эканамічнага факультэта Харкаўскага дзяржаўнага універсітэта. Скончыўшы універсітэт, а потым аспірантуру, працаваў выкладчыкам палітэканоміі ў Харкаўскім політэхнічным інстытуце, выкладчыкам, загадчыкам кафедры палітэканоміі Адэскага інстытута інжынераў воднага транспарту.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі.

Памёр у 1991 годзе.


Бондараў Міхаіл Дзмітрыявіч
(1956)

Кандыдат фізіка-матэматычных навук.

Нарадзіўся ў 1956 г. у в.Сычын Слаўгарадскага раёна. Скончыў Маскоўскі ўніверсітэт ім. Ламаносава. Працуе дырэктарам международнай радыялагічнай лабараторыі ў г.Кіеве на Украіне.


Варанцоў Даніла Сямёнавіч
(24.12.1886 — 21.07.1965)

Электрафізіёлаг, акадэмік АН Украіны (1957).

Нарадзіўся 24 снежня 1886 г. у г. Слаўгарадзе. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912), спецыялізаваўся ў лабараторыі М.Я.Увядзенскага. У 1922 г. арганізаваў кафедру фізіялогіі ў Смаленскім ун-це. У 1930 г. загадчык кафедры Казанскага універсітэта, а ў 1935 — 1941 гг. Кіеўскага медінстытута. У 1945 г. стварыў аддзел агульнай фізіялогіі ў Ін-це фізіялогіі Кіёўскага ун-та і ў 1956 г. лабараторыю электрафізіялогіі ў Ін-це фізіялогіі АН УССР.

Асноўныя працы вучонага — па электрафізіялагічным вывучэнні працэсаў узбуджэння і тармажэння ў нервовай тканцы. Адкрыў (1924) і прааналізаваў следавую электраадмоўнасць, якая ўзнікае ў нерве пасля імпульсу. Вывучаў прыроду павольных электрычных ваганняў у цэнтральнай нервовай сістэме.

Аўтар прац «Агульная электрафізіялогія» (1961), «Фізічны электратон нерваў і мышцаў» (1966, у сааўтарстве).

Памёр 21 ліпеня 1965 г.


Говар Генадзь Антонавіч
(13.04.1938 — )

Беларускі фізік, доктар фізіка-матэматычных навук (1991), прафесар (1994).

Нарадзіўся 13 красавіка 1938 г. у г. Слаўгарадзе Магілёўскай вобл. Скончыў Карагандзінскі палітэхнічны інстытут (1960). З 1966 г. працаваў у Інстытуце фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі.

Мае навуковыя працы па структурных і магн. фазавых пераўтварэннях у цвёрдым целе, распрацоўкі новых магн. матэрыялаў.


Гоеў Аляксандр Іванавіч
(1948 — )

Кандыдат тэхнічных навук.

Нарадзіўся ў 1948 г. Скончыў Слаўгарадскую СШ № 1, Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут, Акадэмію народнай гаспадаркі СССР. Працаваў на розных пасадах. Апошняя, якую ён займаў з 1987 г., — генеральны дырэктар Краснагорскага завода імя Зверава ў Маскоўскай вобл. А.І. Гоеў віцэ-прэзідэнт міжнароднай акадэміі «Кантэнант», член вучонага савета акадэміі развіцця персаналу.


Емяльянаў Несцер Пятровіч
(11.11.1898 — 29.09.1970)

Доктар хімічных навук (1970), прафесар.

Нарадзіўся 11 лістапада 1898 г. у в.Ляцягі Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. Удзельнік грамадзянскай вайны. Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1932), шмат гадоў займаўся педагагічнай дзейнасцю. У 1956-1970 гг. працаваў у Інстытуце фізіка-аграрнай хіміі АН БССР, з 1962 г. загадваў лабараторыяй нафтахімічнага аналізу гэтага інстытута, вёў даследванні ў галіне нафтэнавых вуглевадародаў. Аўтар больш за 20 вынаходстваў.

Памёр 29 верасня 1970 г.


Зяцькоў Іван Паўлавіч
(26.08.1926 — )

Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1963), дацэнт (1963).

Нарадзіўся 26 жніўня 1926г. у г.Слаўгарадзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, партызан. У 1957 г. скончыў БДУ. З 1957-1960 гг. аспірант, з 1960 — 1963 гг. асістэнт, старшы выкладчык кафедры фізічнай оптыкі, з 1963 г. дацэнт. У верасні 1963г. — чэрвені 1979 г. дэкан фізічнага факультэта БДУ. У сакавіку 1979 г. — студзені 1985г. — прарэктар БДУ па навуковай рабоце. У красавіку 1981 г. — верасні 1993 г. — загадчык кафедры фізічнай олптыкі БДУ, у 1993 — 1996 гг. дацэнт гэтай кафедры. З верасня 1996г. на пенсіі.

Заслуджаны работнік вышэйшай школы Беларусі (1982), выдатнік народнай адукацыі Беларусі (1978).

Навуковыя даследванні ў галіне малекулярнай спектраскапіі і люмінесцэнцыі, інфрачырвонай спектраскапіі і спектраскапіі камбінацыйнага рассейвання арганічных пераксідных злучэнняў. Апублікаваў у навуковай парыёдыцы больш за 200 артыкулаў, атрымаў 30 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходніцтвы. Падрыхтаваў 13 кандыдатаў фізіка-матэматычных навук.

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.


Коратцаў Алег Мікалаевіч
(17.08.1922 — )

Расійскі геадэзіст і астраном.

Нарадзіўся 17 жніўня 1922 г. у г. Слаўгарадзе Магілёўскай вобласці. Скончыў Маскоўскі інстытут інжынераў землеўпарадкавання (1954). У 1962-1984 гг. працаваў у Ленінградскім планетарыі. Ініцыятар стварэння касмічнага мемарыяла герояў Вялікай Айчыннай вайны, імёнамі якіх названы малыя планеты.

Яго імем названа малая планета Алегія (астэроід № 3501) — зорка велічынёй 11,7 м., дыяметрам 17 км.


Ламачэнка Іван Мікалаевіч
(07.01.1932 — )

Доктар медыцынскіх навук (1973), прафесар.

Нарадзіўся 07.01.1932 г. у в. Церахоўка, Слаўгарадскага раёна, у сялянскай сям’і. Скончыў у 1951 г. Васькавіцкую СШ, у 1957 г. — лячэбны факультэт Смаленскага медыцынскага інстытута. У 1957 — 1962 гг. працаваў урачом-хірургам, галоўным урачом, загадчыкам раённага аддзела аховы здароўя ў Пскоўскай вобласці. Потым вучоба ў аспірантуры па хірургіі ў Смаленскім медінстытуце. З 1965 г. па 1971 г. асістэнт і дацэнт кафедры шпітальнай хірургіі, з 1971 г. загадчык кафедры дзіцячай хірургіі з траўматалогіяй і артапедыяй. Яго намаганнямі створаны і паспяхова працуюць у Смаленску 4 абласныя спецыялізаваныя аддзялені на 170 ложкаў і дзіцячая хірургічная служба Смаленскай вобласці.

У 1978 — 1984 гг. І.М. Ламачэнка — прарэктар па навуковай працы Смаленскага медінстытута. Выканаў больш за 2 тыс. аперацый. З’яўляецца аўтарам звыш 200 навуковых прац, 16 рацыяналізатарскіх прапаноў, 5 метадычных рэкамендацый і 8 зборнікаў навуковых прац. Ім упершыню ў Расіі і дзяржавах СНГ вывучаліся і ўкараняліся для лячэння дзяцей з хірургічнымі захворваннямі плазменны скальпель, ультрагук і лазер.

Член Міжнароднага каардынацыйнага камітэта «Урачы — супраць насілля і вайны» (з 1993). І.М. Ламачэнка выбіраўся дэпутатам Смаленскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, Членам абкома прафсаюзаў медыцынскіх работнікаў.

Узнарагоджаны бронзавым медалём Галоўнага камітэта ВДНГ СССР.


Лявончыкаў Васіль Емяльянавіч
(27.05.1937)

Доктар педагагічных навук, прафесар, акадэмік.

Нарадзіўся ў 1937 г. у в. Бярозаўка Слаўгарадскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы каля 9 гадоў працаваў у раённым Доме культуры. У 1962 г. скончыў Мінскі педінстытут, працаваў на кафедры бібліяграфіі Беларускага інстытута культуры. У 1966 −1968 гг. вучыўся ў асперантуры пры Маскоўскім дзяржаўным інстытуце культуры. У 1969 г. абараніў кандыдыцкую, потым доктарскую дысертацыю. Працуе загадчыкам кафедры агульнай бібліяграфіі Мінскага Інстытута культуры. Пяру В.Е. Лявончыкава належыць звыш 50 навуковых прац, у тым ліку падручнік «Беларуская бібліяграфія», манаграфіі «Беларуская рэтраспекцыйная бібліяграфія кніг» і «Сістэма бібліяграфічнай інфармацыі саюзнай рэспублікі». Ён упершыню распрацаваў курс «Беларуская бібліяграфія», падрыхтаваў яго праграму, метадычныя матэрыялы, напісаў дапаможнік па гэтай дысцыпліне.

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нарадждэння Уладзіміра Ільіча Леніна», «Ветэран працы», Ганаровымі граматамі Міністэрстава культуры Рэспублікі Беларусь.


Макаранка Іван Агеевіч
(05.01.1918 — ?)

Доктар медыцынскіх навук, прафесар кафедры гінекалогіі і акушэрства.

Нарадзіўся 05.01.1918 г. у в. Кузьмінічы Чавускага раёна. Да прызыву ў Чырвоную Армію настаўнічаў у вёсцы. На фронце з першых дзён вайны. З акружэння дабраўся да родных мясцін, з пачаткам разгортвання партызанскага руху стаў членам Бярозаўска — Гіжэнскай падпольнай групы. Збіраў і хаваў зброю, праводзіў агітацыйную работу сярод насельніцтва. У красавіку 1943 г. пайшоў у партызанскі полк «Трынаццаць», перадаў пры гэтым камандаванню 7 скрынак з патронамі і некалькі вінтовак. Летам 1943 г. быў прызначаны камандзірам атрада «Беларусь», створанага камандаваннем палка з мясцовага насельніцтва. Пасля вайны скончыў Мінскі медінстытут, прафесар кафедры гінекалогіі і акушэрства гэтага інстытута.


Сёмкін Аляксей Аляксандравіч
(23.02.1929 — )

Доктар біялагічных навук (1994), прафесар (1995.)

Нарадзіўся 23.02.1929 г. у в. Крамянка Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. У 1950 г. скончыў Слаўгарадскую СШ, у 1954 г. Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. З 1957 г. працаваў асістэнтам, дацэнтам кафедры фізіалогіі і біяхіміі гэтага інстытута. У 1959 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1962- 1970 гг. прарэктар па вучэбнай і навукавай рабоце, у 1977- 1985 гг. рэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры. Сфарміраваў кірунак навуковых даследванняў па фізіялогіі спорту, скіраваны на фізіялагічнае абгрунтаванне фізічных нагрузак пры падрыхтоўцы спартсменаў, выяўленне механізмаў рэгулявання руху пры адаптацыі чалавека да напружанай спартыўнай дзейнасці. Аўтар 145 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, 8 вучэбна-метадычных дапаможнікаў і распрацовак.

Узнагароджаны Граматай і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, ордэнам «Знак Пашаны». Выбіраўся дэпутатам Мінскага гарадскога і раённага Савета.


Цішчанка Васіль Рыгоравіч
(1918 — ?)

Кандыдат медыцынскіх навук.

Нарадзіўся ў 1918 г. у в. Улукі Слаўгарадскага раёна. У 1941 г. скончыў Мінскі медінстытут. З першых дзен Вялікай Айчыннай вайны на фронце, начальнік шпіталя авіячасці.
Палкоўнік медслужбы ў адстауцы. Ганаровае званне «Заслужаны ўрач БССР» прысвоена ў 1961 г.


Яшкін Іван Якаўлевіч
(12.02.1932 — )

Беларускі мовазнавец, кандыдат філалагічных навук (1970).

Нарадзіўся 12.02.1932 г. у в. Шаламы Слаўгарадскага раёна. Скончыў Васькавіцкую СШ (1950), Магілёўскі педінстытут (1954). У 1957-1959гг. працаваў у Полацкім педагагічным інстытуце. З 1959 г. у Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі, з 1977 г. старшы навуковы супрацоўнік. Правадзейны член Геаграфічнага таварыства беларускага філіяла пры АН Беларусі (з 1964). Даследуе беларускую дыялекталогію. Тэма кандыдацкай дысертацыі — «Слаўгарадскія гаворкі (Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм)».

Аўтар прац «Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія» у 1971 г., «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм. Фанетыка» (1979), «Узаемадзеянне рознадыялектных сістэм. Марфалогія. Сінтаксіс» (1980). Адзін са складальнікаў «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (т.1-2, 1977 −1978; т.5, 1982), «Тураўскага слоўніка» (т. 1-4, 1982-1985). Прымаў удзел у зборы матэрыялаў для «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963), «Агульнаславянскага лінгвістычнага слоўніка» (1964-1974), зборы матэрыялаў, укладанні і выданні лінгвагеаграфічных артыкулаў «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» у 5 тамах (1971-1985 і да 1998). Удзельнічаў у выданні «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» («Раслінны і жывёльны свет», т. 1 1993; «Сельская гаспадарка», т. 2, 1994; «Чалавек», т. 3, 1996; «Побыт», т. 4, 1997; «Семантыка. Словаўтварэнне. Націск», т. 5, 1998), а таксама ў зборы матэрыялаў і распрацоўцы навуковых тэм «Лінгвістычны атлас Еўропы» (1985- 1990), «Усходнеславянскія ізаглосы» (1986- 1991), «Слоўнік гаворак паўднёва-заходняй Віцебшчыны» (1986- 1998), «Вывучэнне беларускіх, літоўскіх, польскіх і рускіх гаворак на тэрыторыі балтыйскіх і славянскіх моў» (1988-1990).


Гісторыя

Грыгаровіч Іван Іванавіч
(1790-1852)

Беларускі гісторык афіцыйна-дваранскага кірунку, археограф і мовазнаўца.

Нарадзіўся ў г.Прапойску (зараз г.Слаўгарад). Скончыў Магілеўскую духоўную семінарыю (1811), Пецярбургскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя (1819). Валодаў грэчаскай і лацінскай мовамі. Выкладаў у Магілеўскім духоўным павятовым вучылішчы (1811-1815). З 1819 г. протаіерэй у Гомелі. З 1829г. рэктар павятовага і прыходскага вучылішчаў у г. Віцебску. Праз кароткі час пераведзены ў Санкт-Пецярбург протаіерэем у лейбгвардыі Фінляндскі полк.

Узнагароджаны аксамітнай фіялетавай скуф’яй (другая ўзнагарода праваслаўнага святара пасля набедраніка), аксамітнай фіялетавай камілаўкай. За службу ў археаграфічнай камісіі быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны з Імператарскай каронай, за службу ў дварцовай царкве — ордэнам Святога Уладзіміра 4 ступені і наперсным крыжам з дыяментам.

У 1821 г. у Маскве была выдадзена выпраўленая і дапоўненая дысертацыя І.Грыгаровіча пад назвай «Исторический и хронологический опыт о Посадниках Новгородских. Из древних Русских летописей». У 1824 г. надрукаваны першы том археаграфічнага зборніка «Беларускі архіў». Другі том выдадзены ў 1834 г. у Санкт-Пецярбургу пад назвай «Переписка пап с российскими государями по рукописям римской барбериниевой библиотеки». У 1835г. выйшлі з друку сачыненні беларускага архіепіскапа Георгія Каніскага, падрыхтаваныя Грыгаровічам і з яго прадмовай. У 1847 г. была распачата праца над «Слоўнікам беларускай мовы», закончыць працу над якім не ўдалося — у лістападзе 1852 г. І.І.Грыгаровіч памер.


Ігумен Арэст
( ... — 1850)

Сапраўднае імя Ануфрый Сцяпанавіч Костка (... — 1850) — ураджэнец мястэчка Гайшын, былога Быхаўскага павета (зараз Слаўгарадскі раен).

З верасня 1801 г. да снежня 1804 г. працаваў настаўнікам лацінскай мовы Невельскай духоўнай семінарыі, дзе ў 1802 г. пастрыгся ў манахі з іменем Арэст. Летам 1803 г. Арэст быў удастоены святарства і ў снежні 1804 г. прызначаны камісарам Магілеўскай семінарыі.

На працягу свайго жыцця Арэст стварыў рукапіс арыгінальнай хронікі горада Магілева, які ўвайшоў у айчынную гістарыяграфію пад назвай «Запіскі ігумена Арэста».


Ларчанка Іван Пятровіч
(06.01.1914 — 07.07.1987)

Кандыдат гістарычных навук.

Нарадзіўся 06.01.1914 г. у в. Хварасцяны, Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў паранены, інвалід 3-й групы. У 1945-1960 гг. выкладчык, старшы выкладчык, загадчык кафедры марксізму-ленінізму, прарэктар па навуковай і вучэбнай рабоце, у 1960- 1971 гг. рэктар Магілёўскага педагагічнага інстытута.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, «Знакам Пашаны», медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Памёр 07.07.1987 года.


Марчанка Іван Ягоравіч
(02.06.1923 — 19.04.1997)

Член-карэспандэнт АН Беларусі (1980), доктар гістарычных навук (1969), прафесар.

Нарадзіўся 2 чэрвеня 1923 г. у в. Людкоў Слаўгарадскага раёна ў сялянскай сям’і. Скончыў Мінскі педістытут (1950). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Радавым байцом, потым камандзірам аддзялення прайшоў дарогамі шасці франтоў, вызваляў Мінск, інш. гарады Беларусі, Польшчу, ваяваў у Румыніі. Быў тройчы паранены. У 1945-1951 гг. на партыйнай рабоце.

З 1952г. у Інстытуце гісторыі АН Беларусі: малодшы навуковы супрацоўнік, вучоны сакратар, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, загадчык сектара і аддзела, якія ўзначальваў больш за 30 гадоў. У апошнія гады працаваў галоўным навуковым супрацоўнікам інстытута. Унёс вялікі ўклад у развіццё беларускай гістарычнай навукі.

Надрукаваў звыш 150 прац, у тым ліку 10 манаграфій і брашур, асноўныя з якіх прысвечаны гістарыі рабочага класа, калгаснага сялянства і культурнага будаўніцтва («Аграрныя пераўтварэнні ў Беларусі ў 1917-1918гг.», 1959; «Рабочы класс БССР у пасляваенныя гады (1945-1950)», 1962; «Працоўны подзвіг рабочага класса Беларускай ССР (1943-1950)», 1977; «Беларусь — Літва: садружнасць памнажае сілы», 1985, у сааўтарстве; «Беларуская ССР: курсам перабудовы», 1989, у сааўтарстве). Удзельнічаў у стварэнні буйных абагульняючых гістарычных прац — «Гісторыя Беларускай ССР» у 5 тамах (т.3-5, 1973-1975), «Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР» (т.1-4, 1984-1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч.2, 1995), у складанні «Хрыстаматыі па гісторыі БССР» (1962).

Падрыхтаваў 18 кандыдатаў навук. Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Айчыннай вайны 1 ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, трыма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Памёр 19 красавіка 1997 г.


Моўнін Міхаіл Савельевіч
?

Доктар гістарычных навук, прафесар.

Нарадзіўся ў г. Слаўгарадзе. У 1923г. скончыў Ліменскую вопытна-паказальную школу-камуну імя У.І.Леніна і паступіў у Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію. Пасля заканчэння працаваў выкладчыкам у школе фабрычна-заводскага навучання ў Чэбаксарах, у школе авіяспецыялістаў, у Бросаўскім лесатэхнічным тэхнікуме. З 1933 г. выкладаў у Маскоўскім лесатэхнічным інстытуце, з 1936 г. на працягу 34 гадоў загадваў кафедрай у Ленінградскай лесатэхнічнай акадэміі імя С.М.Кірава.

У ліку 160 навуковых прац прафесара М.С.Моўніна — дапаможнікі, манаграфіі, артыкулы па розных метадычных пытаннях. Некаторыя з іх выдадзены ў Англіі, Кітаі, Швецыі, Фінляндыі. Па задумках і пры актыўным удзеле М.С.Моўніна створана лепшая ў свеце машына для бесперабойнага прасавання дэталей са здробленай драўніны. М.С.Моўніну належыць першынство ў стварэнні тэарытычных асноў прасавання драўніны метадам пракату і стварэння высакаякасных дэталей машын з малакаштоўных парод дрэва.


Этнографія

Сербаў Ісак Абрамавіч
(1871 — 1943)

Беларускі савецкі этнограф, фалькларыст, археолаг, кандыдат гістарычных навук.

Нарадзіўся ў в. Кульшычы Слаўгарадскага раёна. Скончыў Полацкую настауніцкую семінарыю ў 1892 г., Маскоускі археалагічны інстытут у 1901 г. Працаваў настаунікам у сельскіх школах, а таксама ў школах Мінска і Гомеля. У 1910-1912 гг., як член Паўднёва-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, збіраў фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы пад час экспедыцый па Беларусі. З 1911 па 1913 гг. ён даследаваў фальклорна-этнаграфічны стан Магілёўскага і Чавускага паветаў Бабруйскага, Ігуменскага (цяпер Чэрвеньскі раё), Мазырскага і Слуцкага паветаў Мінскай губерні. Сабраў шмат старажытных рэчаў беларусаў і каля 300 твораў розных фальклорных жанраў — песень, казак, легендаў, загадак, прыказак, спрымавак — і зафіксаваў мноства дыялектных узораў, якія пазней леглі ў аснову яго манаграфій і артыкулаў.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Сербаў актыўна ўключыўся ў навуковую, педагагічную і грамадскую дзейнасць: загадвае аддзелам народнай асветы Магілёўскага губкома, ўдзельнічае ў рабоце Надзвычайнай камісіі па ліквідацыі непісьменнасці, абіраецца правадзейным членам інстытута беларускай культуры (1922) і працуе ў розных камісіях — па гісторыі старажытнага Мінска, па народнай асвеце, ў фальклорна-дыялекталагічнай і інш. Адначасова ён выкладае ў Беларускім дзяржаўным універстэце, дзе ўзначальвае кафедру этнаграфіі (1922-1928). Як толькі была створана Акадэмія навук Беларусі (1929) Сербава прызначылі вучоным сакратаром кафедры этнаграфіі. Крыху пазней ён становіцца старшым навуковым супрацоўнікам сектара этнаграфіі і фальклору інстытута гісторыі Акадэміі навук. У 1924 г. за комплекс апублікаваных прац Сербаву без абароны дысертацыі надаецца вучоная ступень кандыдата гістарычных навук.

З навуковай спадчыны Сербава засталося ўсяго некалькі кніг. Але значэнне іх для сучаснага беларусазнаўства вялікае.

Ужо ў адной са сваіх першых прац, «Па Дрыгавіцкай зямлі летам 1911 года» (1912), Сербаў паказаў сябе як нацыянальны народазнавец. Гэта фактычна кароткая справаздача этнографа пра яго экспедыцыю на Палессе.

Галоўная праца ў навуковай спадчыне Сербава — манаграфія «Беларусы — сакуны» (1915), напісаная паводле матэрыялаў, сабраных Ісакам Абрамвічам падчас экспедыцый па Палессі ў 1910-1911 гг. Манаграфія завяршаецца публікацыяй цікавай калекцыі каляндарных песень (тэксты з нотамі) — калядных, веснавых, велікодных, валачобных, траецкіх, жніўных, а таксама песнямі пазаабрадавымі, запісанымі пераважна у в.Жыцін Бабруйскага павета.

Асаблівую каштоўнасць для фальклору маюць змешчаныя ў манаграфіі казкі ў запісах Сербава, напрыклад, жартоўная «Несцерка», што стала штуршком для напісання В.Вольскім аднайменнай камедыі.

За ўвесь савецкі час вучонаму удалося выдаць толькі адну кнігу, сціплую па аб’ёме, — «Вічынскія паляне» (1928). Гэта кніга, ў якой Сербаў даследаваў матэрыяльную культуру аднаго невялікага кутка беларускага Палесся — панізоўя рэчкі Цны з вескамі Вічын, Яжэўка, Язвінка, Ракітна, Дварэц, Дрэбск і Цна.

Апошняй надрукаванай працай Сербава быў альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951), які пабачыў свет ужо пасля смерці Ісака Абрамавіча, ў пасляваенныя гады.

Каштоўнасць з каштоўнасцей — фатаграфіі, зробленыя Сербавым. Вядома, што за час экспедыцый ён зрабіў звыш 5000 здымкаў.


Краязнаўства

Далькоў Дзмітрый Пятровіч
(1938 — )

Нарадзіўся 1938 г. у в.Харанёў Слаўгарадскага раёна. Скончыў Горацкую БСГА, высшую партыйную школу.

Працаваў ў калгасе "Лясная«парторгам, а ў 1982 працаваў дырэктарам Рабавіцкай БШ. У 80-я гады працаваў дырэктарам краязнаўчага музея ў в.Лясная. Валодае вялікай колькасцю матэрыялу аб гісторыі в.Лясная.


Цішчанка Іван Кірылавіч
(22.05.1930 — )

Беларускі фалькларыст, літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук (1969), прафесар (1994).

Нарадзіўся 22.05.1930 г. у в. Улукі Слаўгарадскага раёна. Да вайны І. Цішчанка скончыў 3 класы Улуцкай пачатковай школы. У гады вайны за дапамогу партызанам быў схоплены карнікамі, цудам выратаваўся ад расстрэлу.

Пасля вайны вучыўся ў Слаўгарадскай СШ. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ і выкладаў мову і літаратуру ў Мінскім тэхнікуме харчовай прамысловасці (1956-1957). З моманту заснавання Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклёру АН Беларусі (1957) працаваў у ім малодшым, а з 1971 г. старшым навуковым супрацоўнікам. З 1992 г. — дацэнт, загадчык кафедры фальклёру Беларускага універсітэта культуры. У 1968 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Штогод прымаў удзел у фальклёрных экспедыцыях па збору вуснай народнай паэзіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы першага навуковага выдання «Беларускі эпас». Ім запісаны сотні твораў розных фальклёрных жанраў.

Упершыню ў друку І. Цішчанка выступіў з фельетонам «Маўклівая размова» ў Слаўгарадскай раённай газеце «Ленінскае слова» ў 1951 г. Пад псеўданімамі І.Улукскі і Ц.Цагельны выступаў у раённым друку з крытычнымі допісаміі і фельетонамі. Першыя яго публікацыі па пытаннях фалькларыстыкі і гісторыі літаратуры ў рэспубліканскай перыёдыцы датуюцца 1956 г. Даследуе праблемы гісторыі беларускай фалькларыстыкі, жанры фальклёру, міфалогію. З 1965 г. удзельнічае у падрыхтоўцы шматтомнага акадэмічнага збору беларускага фальклору.

Выдаў манаграфіі «Беларуская частушка. Пытанні генезісу жанру», «Жыццё песні», «Да народных вытокаў». У серыі БНТ падрыхтаваў тамы «Жартоўныя песні» (адбор, сістэматызацыя тэкстаў, уступы артыкул, каментарыі), «Песні пра каханне», «Сямейна-бытавыя песні», «Прыпеўкі», «Сацыяльна-бытавыя песні» (разам з В. Скіданам). Адзін са складальнікаў зборнікаў «Беларускія частушкі», «Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны», «Паэзія змагання», сааўтар манаграфіі «Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць», «Беларуская фалькларыстыка». Адзін з аўтараў падручнікаў, дапаможнікаў, хрэстаматый і праграм па фальклёры для студэнтаў ВНУ рэспублікі. Аўтар літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў аб творчасці Л. Талстога, М. Горкага, А. Міцкевіча, А. Багдановіча, Т.Шаўчэнкі і інш., аб беларуска-руска-ўкраінскіх сувязях, рэцэнзій на творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. Займаўся даследваннем аўтарства ананімнай гутаркі «Во цяпер які люд стаў». Яго пяру належыць апавяданне «Склезень» (Маладосць. 1988. № 4). Напісаў сцэнарый дакументальных фільмаў «Бывайце здаровы» (1981, пра А. Русака), «Песня на ўсё жыццё» (1986, пра Р. Шырму, сааўтар А. Ліс), «Вяртанне Міхася Забэйды» (1990, сааўтар П. Марчук).

Выступаў з навуковымі дакладамі на розных міжнародных кангрэсах. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986. за ўдзел у падрыхтоўцы шматтомнага выдання «Беларуская народная творчасць»). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі, медалём.


Цішчанка Іван Рыгоравіч
(25.02.1912 — 09.07.1987)

Нарадзіўся 25 лютага 1912 г. у в. Улукі Слаўгарадскага раёна. У сяланскай сям’і. Скончыў БДУ. Удзельнік ВА вайны. З 1938 г. працаваў у БДУ. З 1953 г. дацэнт, з 1963 г. загадчык кафедры арганічнай хіміі, адначасова ў 1953-1965 гг. дэкан хімічнага факультэта. Аўтар прац па арганічнаму сінтэзу і рэакцыйнай здольнасці арганічных рэчаваў. Распрацаваў метады сінтэзу паліфункцыянальных арганічных рэчаваў, выявіў шэраг заканамернасцей рэакцыйнай здольнасці замешчаных ненасычаных злучэнняў у адносінах да малекулярнага кіслароду, перакісу вадароду і інш. акісляннікаў. Сінтэзаваў ацыклічныя, карба- і гетэрацыклічныя злучэнні з некалькімі функцыянальнымі групамі, некаторыя з іх біялагічна актыўныя.

Памёр 9 ліпеня 1987 г.


Мастацтва

Гоманаў Аляксандр Міхайлавіч
(19.11.1955)

Беларускі архітэктар.

Нарадзіўся 19.11.1955 г. у г. Слаўгарадзе. У 1971 −1975 гг. вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, у 1980 −1986 гг. — у Беларускім політэхнічным інстытуце на аддзяленні архітэктуры. У 1975 — 1978 гг. служыў у Савецкай Арміі. З 1975 г. працаваў у Касцюковіцкім райвыканкаме Магілёўскай вобласці іннжынерам-інспектарам дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага кантролю, архітэктарам у праектных інстытутах: Белкалгасбуд, Дзяржаўны праектны інстытут № 12, Ваенпраект.

За гэты час быў аўтарам і сааўтарам шматлікіх будаўнічых аб’ектаў: Дом ваеннага адзелення на вул. Я. Коласа, адміністрацыйна-бытавы корпус на вул. Лынькова, комплекс шматпавярховых жылых дамоў на вул. Сурганава і Бяды, гасцініца на вул. Трактарнай і інш. (г. Мінск), гасцініц (г. Рыга), 9-14-павярховыя жылыя дамы (г. Смаленск).

Сумесна з турэцкай фірмай «Энка» прымаў удзел у праектаванні вайсковых жылых гарадкоў (г. Барысаў), з фінскай фірмай «Хакі» (г. Мар’іна Горка) і інш.

Сказаў сваё важкае слова і ў мастацтве і ў рэстаўрацыі: у сааўтарстве зрабіў іканастас у в. Слабодка Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, рэстаўрацыю касцёла ў г. Дзяржынск і пабудаваў плябанію.


Гоманаў Леанід Міхайлавіч
(22.11.1953)

Беларускі мастак у галіне жывапісу, кніжнай графікі, плаката.

Нарадзіўся 22 лістапада 1953 г. у г. Слаўгарадзе. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава (1974), Беларускі джяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (з 15 лістапада 1991г. — Беларучкая акадэмія мастацтваў, 1991). Пасля заканчэння мастацкага вучылішча працаваў мастаком-афарміцелем у Пухавіцкім раённым Доме культуры, МВА імя У.І.Леніна, універмагу «Беларусь» у Мінску. З 1991 г. працуе ў рэдакцыі мастацкага афармлення выдавецтва «Навука і тэхніка», зараз — вядучы мастацкі рэдактар выдавецтва «Беларуская навука».

Удзельнік рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных выставак і конкурсаў. Член Беларускага саюза мастакоў (1991).

Аўтар жывапісных палотнаў «Максім Багдановіч» (1981), «Мой родны кут» (1982), «Восень у Люцынцы» (1983) і інш. Плённа працуе ў жанры плаката. Тэмы яго работ самыя актуальныя: яго хвалююць праблемы экалогіі («Чарнобыль 26.4.86», 1988; «Дапамажы дзецям чарнобыльскай зоны», 1990; «За экалогію», 1990 і інш.), сацыяльныя пытанні («Хто адкажа?», 1990; «Бракоробу», 1985; «Каковы труды, таковы и плоды», 1987; «Остановить гонку вооружений», 1984; «Почему голод? Почему нищета?», 1986, і інш.)

Вялікі ўклад зроблены мастаком у адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры. У 1990 г. ён стварыў серыю каляровых плакатаў «Беларускія асветнікі», прысвечаную знакамітым асобам беларускай зямлі. Гэта Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына і Сімяон Полацкі.

Л.Гоманаў — аўтар плакатаў да мастацкіх кінастужак «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1989) і «Сівая легенда».

Яму належыць звыш 50 работ у галіне кніжнай графікі. Узнагароджаны дыпломамі на рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсах плаката і кніжнай графікі.

Творы Л.М.Гоманава знаходзяцца ў Нацыянальным музеіі Беларусі, музеі Якуба Коласа, прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі і Францыі.


Іванькова Валянціна Уладзіміраўна
(26.09.1953 — )

Беларускі мастак-кераміст.

Нарадзілася 26 верасня 1953 г. у г.Слаўгарадзе. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). З 1987 г. працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Работам уласцівы дэкар. пластычнасць кампазіцыі, мякка-лірычная каляровая гама.

Аўтар манум, пано «Гасціннасць» (1987-1988, Палац культуры саўгаса «Рудакова» Віцебсккага р-на), «Купалле» (1989, Магілёўскі дом-інтэрнат для інвалідаў і састарэлых). Сярод твораў дэкар. скульптуры «Мір» (1986), «Дыялог», «Стварэнне свету», «Мацярынства» (усе 1996), «Міфатворчасць» і «Выгнанне» (абедзве 1997), серыі ваз, медалёў і дэкар. пластоў.


Няміленцаў Міхаіл Фёдаравіч
(1920 — 1985)

Нарадзіўся ў 1920 г. у в. Рудня Слаўгарадскага раёна. Удзельнік ВА вайны. Пасля дэмабілізацыі з Чырвонай Арміі працаваў начальнікам Слаўгарадскага райзематрада, выкладчыкам чарчэння і малявання ў школах Слаўгарада. Скончыў завочна Маскоўскі мастацкі інстытут. Як мастак перадаваў сваё майстэрства навучэнцам 1-й і 2-й школ горада, вёў метадычную работу сярод настаўнікаў чарчэння і малявання. У Слаўгарадскай СШ № 2 больш за 20 гадоў кіраваў гуртком выяўленчага мастацтва.

Многія яго выхаванцы сталі мастакамі і скульптарамі. Выстаўкі юных мастакоў — вучняў М.Ф. Няміленцава — дэманстраваліся ў Слаўгарадзе, іншых гарадах Магілёўшчыны. Работы іх экспанаваліся на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах у Балгарыі, Японіі.

Пра юных гурткоўцаў М.Ф. Няміленцава Мінскай тэлестудыі быў зняты дакументальны фільм. Міхаіл Фёдаравіч з’яўляецца аўтарам помнікаў Героям Савецкага Саюза В.І. Чамадураву і П.Ц. Панамарову.

М.Ф. Няміленцаў узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы».

Памёр у 1985 годзе.


Тулаў Фёдар Андрэевіч
(1792 — 1855)

Жывапісец, партрэтыст

Нарадзіўся ў Прапойску (цяпер Слаўгарад). Верагодна, з прыгонных, які атрымаў вольную. Мала вядомы партрэтыст паловы ХІХ ст. Працаваў у жанры партрэта. Першы звод яго жывапіснай спадчыны — 44 партрэты, якія захоўваюцца ў розных музеях, — быў складзены ўсяго некалькі гадоў назад. Навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу І.Г.Кацельнікава ў розных музейных фондах і прыватных зборах выявіла яшчэ 8 партрэтаў пэндзля Ф.А.Тулава. Усе яго творы захоўваюцца ў музеях Масквы, Санкт-Пецярбурга, Калугі, Смаленска, Адэсы, Мінска.

Адзін з іх — парадная выява віднага ваеннага дзеяча часу Айчыннай вайны 1812 г. фельдмаршала Ф.В.Остэн-Сакена. Ёсць меркаванні, што партрэт гэты напісаны Тулавым у І-й трэці ХІХ ст. у Магілёве (знаходзіцца ў зборах Дзяржаўнага Гістарычнага музея ў Маскве). Супрацоўнікі Эрмітажа «адкрылі» два цудоуныя мужчынскія партрэты, якія ніколі раней не публікаваліся і былі напісаны Тулавым у Прапойску ў перыяд росквіту яго творчасці (24-27 лютага 1845 г).

Адзін з іх — «Портрет неизвестного генерала», даносіць да нас вобраз удзельніка Айчыннай вайны 1812 г., адзначанага шматлікімі ордэнамі і медалямі, сярод якіх і вельмі высокая ўзнагарода таго часу — зорка ордэна Станіслава.. Злева унізе на палатне захаваўся подпіс мастака: «Федор Тулов». А прадстаўленая яго ж рукой дата — «1845 февраля 24» — сведчыць аб тым, што створаны ен якраз у тыя гады, калі жывапісец жыў у Прапойску.

Другі партрэт, які паступіў у музей ад нашчадкаў мастака, прысвечаны канкрэтнай асобе — І.В. Маркаву (1785-1855). Ен некалькі гадоў служыў чыноўнікам па асобых даручэннях пры беларускім генерал-губернатары князі М.М.Хаванскім, а пазней з 1837 г. па 1839 г. быў магілёўскім грамадзянскім губернатарам. Менавіта гэты тулаўскі твор лічыцца сення найбольш значным у творчасці мастака.


Музыка

Барысенка Валянцін Савельевіч
(1926 — ?)

Самадзейны кампазітар.

Нарадзіўся ў 1926 годзе, ў в.Барысавічы Клімавіцкага раёна. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ва ўзросце 15 гадоў пайшоў у партызаны. З 1943 г. і да канца вайны знаходзіўся ў Чырвонай Арміі. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Усходняй Прусіі. Пяць разоў быў паранены.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені, Славы ІІІ ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медаляі. З 1950 г. працаваў ў Слаўгарадскім раёне. Кіраваў гурткамі мастацкай самадзейнасці ў школах Слаўгарада, гарадскімі калектывамі мастацкай самадзейнасці. Аўтар музыкі песні «Слаўгарад наш». Да 50-годдзя Перамогі напісаў песні: «Успаміны ветэрана», «Вяртанне з перамогай», лірычную «Каля хаты, каля тыну».

Памёр.


Жыхараў Георгій Іванавіч
(30.11.1915 — 14.04.1973)

Беларускі дырыжор, балалаечнік, дамрыст, педагог, дзеяч самадз. мастацтва.

Нарадзіўся 30 лістапада 1915 г. у г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Скончыў Беларускую кансерваторыю (1951), выкладаў у ёй (1963-1973). У 1924-1938 гг. арганізатар і кіраўнік аматарскіх аркестраў у Гомелі, выступаў як саліст-балалаечнік (у т.л. на Гомельскім радыё). З 1939 г. кіраўнік аркестра, групы Ансамбля песні і танца БВА, у 1945-1971 гг. кіраўнік і саліст Секстэта домраў Бел.радыё. Арганізатар і кіраўнік шматлікіх вучэбных і аматарскіх аркестараў у Бел. кансерваторыі, Мінскім муз.вучылішчы, муз.школах, БДУ. Майстар аранжыроўкі і інструментоўкі, прапагандыст твораў бел.кампазітараў і народнай музыкі.

Сярод аранжыровак: сімфоніі Ф.Шуберта, В.Каліннікава, С.Пракоф’ева, С.Васіленкі, інстр. канцэрты Э.Грыга, М.Будашкіна, Дз.Смольскага, Ю.Шышакова. Аўтар апрацовак беларускіх народных песень і мелодый. Сярод яго вучняў Г.Асмалоўская, М.Лісіцын, У.Перацяцька, Л.Смялкоўскі. Дыпламант Усесаюзнага агляду-конкурсу (1939, Масква).

Памёр 14 красавіка 1973 г.


Казлоўскі Восіп Антонавіч
(1757 — 1831)

Сусветна вядомы кампазітар.

Нарадзіўся Восіп Антонавіч Казлоўскі на хутары каля Прапойска. У 1791 годзе В.Казлоўскі заваяваў ў Пецярбургу ўсеагульнае прызнанне: яго гераічны паланез «Гром победы, раздавайся», напісаны з нагоды ўзяцця Ізмаіла, становіцца афіцыйным гімнам Расійскай імперыі. У 1798 г. у сувязі з канчынай апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага Казлоўскім, па просьбе двара, быў напісаны першы ў Расіі Рэквіем.

Творчую спадчыну В.Казлоўскага складаюць таксама шматлікія камерна-вакальныя (песні і рамансы), інструментальныя (галоўным чынам танцавальныя), харавыя і сімфанічныя творы. Вакальная лірыка В.Казлоўскага прадстаўлена шматлікімі песнямі на французскія, італьянскія, польскія і і рускія тэксты, найбольш вядомымі з якіх з’яўляюцца трыццаць «Расійскіх песень». Вельмі паказальныя ў гэтым сэнсе драматычныя песні «Прежестоцкая судьбина», «Прости, мой свет, в последний раз», «Стремлюсь к тебе всечасно» і шмат інш. В.Казлоўскі выступае і стваральнікам сольнага вакальна-драматычнага жанру, дзе элементы літаратурнага, драматычнага і музыкальнага мастацтва выступаюць у адзінстве. Сказаў ён свае словы і ў меладраме. Цэлы шэраг «Музычных трагедый», створаных Казлоўскім на пачатку ХVІ ст. з’явіўся значным этапам у гісторыі гэтага жанру.


Літаратурнае жыццё

Вераб’ёў Павел Віктаравіч
(07.11.1958)

Беларускі паэт.

Нарадзіўся 07.11.1958 г. у в. Рабавічы, Слаўгарадскага раёна. Пасля заканчэння школы з 1976 г. да 1985 г. працаваў у слаўгарадскай раённай газеце карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. Адначасова ў 1977-1983 гг. Завочна вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ. У 1985- 1987 гг. слухач Мінскай вышэйшай партыйнай школы. У 1987 — 1991 гг. рэдактар аддзела часопіса «Народная гаспадарка Беларусі», загадчык сектара друку ЦК ЛКСМБ. Адказны сакратар газеты «Чырвоная змена», намеснік рэдактара газеты «Знамя юнасці», вядучы рэдактар выдавецтва «Юнацтва». З 1991 г. галоўны рэдактар газеты «Знамя юнасці», з 1992 г. намеснік галоўнага рэдактара газеты «Добры вечар», з канца 1994 г. аглядальнік газеты «Мінская праўда».

Літаратурную працу пачаў у 1976 г. Першыя вершы надрукаваў у слаўгарадскай раённая газеце. Публікаваўся ў магілёўскай абласной газеце, газетах «Чырвоная змена», «Сельская газета», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць». У 1990 г. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў зборнік яго вершаў «Крытычная маса».

П. Вераб’ёў — паэт з арыгінальнай манерай пісьма. Сваім бачаннем свету, прыроджанай далікатнасцю. Піша пра родны край, яго людзей. Любоў да маці, роднай зямлі, вернасць запаветам продкаў — асноўныя матывы твораў.

Лаўрэат прэміі імя М. Багдановіча выдавецтва «Мастацкая літаратура». Жыве ў Мінску


Кананкоў Анатоль Андрэевіч
(1935 — 2006)

Нарадзіўся ў 1935 годзе ў вёсцы Новая Слабада Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. У 1945 годзе, калі загінуў бацька на фронце, яму прыйшлося дапамагаць маці і даглядаць малодшую сястру. Для сям’і гэта былі вельмі цяжкія гады. Затым ён служыць у арміі ў г. Лепель і піша вершы на розныя тэмы, за што быў узнагароджаны камандаваннем дзесяцідзённым адпачынкам.

Будучы паэт марыў аб вучобе на літаратурным факультэце, але так атрымалася, што яму трэба было закончыць вячэрняе аддзяленне будаўнічага тэхнікума. Пасля чаго Анатоль Андрэевіч працуе на стройцы прарабам. Затым ён паступае ў мараходнае вучылішча, пасля вучобы працуе механікам на судне. Адпрацаваў 9 год, быў у многіх краінах свету.

Потым Анатоль Андрэевіч пераздае экзамены і працуе ў Латвіі начальнікам рэфрыжэратарнага цягніка амаль да пенсіі. Дзякуючы гэтаму ён аб’ездзіў усе саюзныя рэспублікі і наведаў шмат замежных краін.

Пасля чарнобыльскай аварыі пераехаў у Дрыбінскі раён у вёску Трылесіна, дзе друкаваў свае вершы ў газеце «Ленінскі шлях». Пісаў вершы, нарысы, апавяданні. У 2003 годзе пабачыў свет зборнік «Мой край чаромхі і бяроз». Годам пазней выйшаў зборнік на зкалагічную тэму «Мая шчодрая зямля». У 2004 годзе выйшаў зборнік «Сыны Радзімы», прысвечаны 60-годдзю Вялікай Перамогі.

У сваіх вершах паэт імкнуўся праўдзіва адлюстроўваць перажытыя падзеі са свайго жыцця і жыцця краіны, распавядаў пра красу роднага краю, пра яго працавітых і мужных людзей. Шмат вершаў было пакладзена на музыку і ўвайшло ў рэпертуар самадзейных калектываў Магілёўшчыны.

Памёр у 2006 годзе.


Кірэенка Кастусь (Кірэенка Канстанцін Ціханавіч)
(12.12.1918 — 15.09.1988)

Беларускі пісьменнік, заслужаны дзеія культуры Беларусі (1970).

Нарадзіўся 12 снежня 1918 г. у в. Гайшын Слаўгарадскага раёна. Скончыў Гайшынскую сямігодку, паступіў у Гомельскі аўтадарожны тэхнікум, дзе правучыўся толькі адзін год. Скончыў літаратурны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута (1940). Выкладаў мову і літаратуру ў Гарадзецкай СШ Быхаўскага раёна. Вясной таго ж года прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Да ліпеня 1941 г. вежавы стралок у танкавым экіпажы, затым да сакавіка 1945 г. карэспандэнт баявога аддзела армейскай газеты «За Родину». Удзельнічаў у абароне Масквы, у вызваленні Беларусі, Польшчы. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 г. загадваў аддзелам літаратуры і мастацтва ў часопісе «Беларусь» (1945-1962), з 1962 г. галоўны рэдактар часопіса «Бярозка», у 1972 — 1986 гг. часопіса «Полымя». У 1980 −1985 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. У 1969 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце ХХIV сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1943 г. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны ІІ тупені, двума ордэнамі «Знак Пашаны», Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР, ЛітССР і ЛатССР, медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1970). Лаўрэат Дзяржаўнай прэмііБеларусі імя Я.Купалы (1972, за «Кнігу ста песень»), Літаратурнай прэміі імя Я.Купалы (1964, за кнігу «Смага»).

Друкаваўся з 1939 года. Першы яго верш «Радзіма» з’явіўся на старонках «Гомельскай праўды».

Паэзія К. непарыўна звязана з лёсам свайго пакалення, якое прайшло праз выпрабаванні вайной (зб. «Ранак ідзе», 1945). Тонкая настраёвасць і лірызм у ёй спалучаюцца з узнёслым пачуццём любові да роднай зямлі, са свежасцю і багаццем адценняў перажыванняў: зб-кі «Пасля навальніцы» (1947), «Мая рэспубліка» (1949), «Маякі», «Родны свет» (абодва 1952), «Любоў і дружба» (1955), «Светлая хваля» (1959). Творы больш позняга часу вызначаюцца схільнасцю да абагульненняў, філас. разважанняў над праблемамі часу: кн. «Смага» (1962), «Цёплая радуга» (1966), «Кніга ста песень» (1971), «Слухайце ластавак» (1974), «Сіні вырай» (1976), «Вёсны веснаваць» (1983), «Калыска вятроў», «Надзея» (абедзве 1985), ліра-эпічная паэма «Трыпутнік» (1976). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў «Ручаіны шукаюць ракі» (1967), «Вандроўнае шчасце. Рыбацкая паэма» (1988), публіцыстыкі «Амерыка здалёку і зблізку» (1971), успамінаў і эсэ «Заўсёды з Радзімай» (1980). Пісаў для дзяцей: паэма"Алёнчына школа" (1951), зб-кі вершаў і паэм «Зялёнае рэха» (1953), «Прысяга» (1969), «Размова з капітанам» (1987), апавяданняў «Алесева кніжка» (1972).

На вершы К. Кірэенкі напісалі песні М.Аладаў, У.Алоўнікаў, У.Буднік, Ю.Семяняка, С.Палонскі і інш.

Перакладаў творы рус., укр., малд., лат. і інш. пісьменнікаў.

Памёр 15 верасня 1988 г. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. На доме ў Мінску, дзе ў 1977 −1988 гг. жыў пісьменнік, у 1991 г. устаноўлена мемарыяльная дошка.


Кузьмянкоў Уладзімір Іванавіч
(27.06.1936)

Беларускі празаік, публіцыст.

Нарадзіўся 27.06.1936 г. у в.Устаннае Слаўгарадскага раёна. У сям’і калгаснікаў. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў роднай вёсцы. Пасля заканчэння Рабавіцкай СШ у 1955 г. працаваў у калгасе. У верасні 1955 г. прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у Ваенна-Паветраных войсках. Пасля звальнення ў запас працаваў рознарабочым на будаўніцтве Ніжнерасцянскай ГЭС, адказным сакратаром казлоўшчынскай раённай газеты «Сцяг перамогі». У 1958 г. паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, затым працаваў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела, адказным сакрктаром у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». З 1971 г. адказны сакрктар часопіса «Политинформатор и агитатор», з 1974 г. загадчык аддзела , адказны сакратар рэдакцыі газеты «Звязда», з 1980 г. рэдакткр «Настаўніцкай газеты», з 1987 г. намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Беларуская мова і літаратура ў школе», са снежня 1987 г. старшы навуковы супрацоўнік Мінскай ВПШ, з 1991 г. галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік».

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1974 г. Кандыдат гістарычных навук.

Узнагароджаны медалём, Ганаровай граматай і Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Першы нарыс У.Кузьмянкова надрукаваны ў газеце «Звязда». Як апавядальнік на старонках рэспубліканскага друку выступіў у 1966 г. (апавяданні «Бацька» і «Мікіта-чалавек»). У 1972 г. выйшла яго першая кніга апавяданняў «Ішла вясна», дзе паказана пасляваеннае дзяцінства, станаўленне маладога чалавека. Працуючы доўгі час у маладзёжным друку, бываючы па заданнях рэдакцый на будоўлях, у саўгасах і калгасах, выступаў са шматлікімі артыкуламі і нарысамі, прысвечанымі жыццю і працы нашай моладзі. У сваіх мастацкіх творах аддае перавагу надзёнай тэматыцы, у натуральнай і даверлівай манеры апавядання пра шчырасць юнацкага пачуцця, пра светлае ў чалавечай душы. Яго кніга «Услаўляючы дружбу народаў» прысвечана праблемам міжнацыянальных адносін, эканамічнага і культурнага супрацоўніцтва.

Жыве ў Мінску.


Магдалёў Дзмітрый Пятровіч
(02.02.1951)

Нарадзіўся 2 лютага 1951 года ў в. Жаролы Слаўгарадскага раена. Закончыў Жаролскую пачатковую школу, Кулікоўскую васьмігодку і Слаўгарадскую СШ № 2. У 1968 г. паступіў у Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, пасля першага курса вучобы — служба ў радах Савецкай Арміі. Пасля заканчэння тэхнікума працаваў на розных участках работы — у Клічаве, Касцюковічах, Краснаполлі, Круглым. Закончыў завочна Горацкую Беларускую сельскагаспадчую акадэмію, гідрамеліярацыйны факультэт.

Вершы ў Дзмітрыя Пятровіча зараждаліся з самага дзяцінства, а пачалі фарміравацца ў радкі ў час службы ў арміі, далека ад роднага краю, у Чэхаславакіі. Друкавацца пачаў у Краснапольскай раеннай газеце «Чырвоны сцяг» у 1980-1990 гг. Вершы паэта з’явіліся і на старонках газет «Магілеўскія ведамасці», «Могилевская правда», «Ленінскае слова» і інш.

Тэматыка яго вершаў вельмі разнастайная. Ен прысвячае свае вершы роднаму краю, дзе прайшло яго дзяцінства і маладосць, роднай прыродзе, тэме кахання да жанчыны, любові да жанчыны-маці, тэме сяброўства.

У сваіх вершах аб вайне паэт разважае аб цане чалавечага жыцця, выступае супраць злых намераў парушыць мір на Зямлі.

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС паэту прыйшлося пакінуць родныя мясціны і пераехаць на Кругляншчыну. У яго вершах гучаць і чарнобыльскія матывы. Верш «Землякам-чарнобыльцам» і іншыя гучаць як песні.

У 1997 годзе выйшла ў свет кніга вершаў паэта пад назвай «Зямля мая, журба мая, мае каханне».


Масарэнка Алесь
(Масарэнка Аляксандр Герасимавіч)
(12.04.1937)

Беларускі празаік, паэт, перакладчык.

Нарадзіўся 12 красавіка 1937 г. у в. Ходараў Слаўгарадскага раёна ў сям’і калгаснікаў. У 1956 г. скончыў Целяшоўскую СШ, працаваў інструктарам Слаўгарадскага райкома ЛКСМБ (1956 — 1957), служыў у Савецкай Арміі (1957–1960). У 1966 г. скончыў БДУ. Працаваў выхавацелем мінскай школы-інтэрната № 13 (1963–1966), рэдактарам аддзела беларускай літаратуры Камітэта па радыёвяшчанні і тэлебачанні СМ БССР (1966–1967), загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена» (1967), інструктарам па прамысловым адлове рачнога бабра Літоўскага заацэнтра (1967-1968), літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва» (1968–1969), загадчыкам рэдакцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва «Беларусь» (1969–1972), адказным сакратаром часопіса «Полымя» (1972–1974), рабочым у геалагічнай экспедыцыі Забайкалля (1974–1978), рэдактарам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1977-1978), членам сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм» (1978–1982), загадчыкам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя» (1982–1986). З 1986 г. рэдактар выдавецтва «Юнацтва».

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1972 г. Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратурную дзейнасць пачынаў з вершаў, якія ўпершыню апублікаваў у 1959 г. Першае апавяданне надрукавана ў 1962 г. У цэнтры ўвагі пісьменніка — праблемы сучаснасці, экалагічныя (аповесці «На бабровых тонях»), маральна-этычныя пытанні (кніга прозы «Журавіны пад снегам»). Аўтар рамана «Баргузінскае лета», прысвечанага будаўніцтву Байкала-Амурскай магістралі. Піша нарысы, апавяданні, прысвечаныя надзённым пытанням.

Жыве ў Мінску.


Ракаў Віктар Афанасьевіч
(22.01.1935 — 10.06.2000)

Беларускі паэт.

Нарадзіўся 22 студзеня 1935г. у в. Целяшы Слаўгарадскага раёна ў сям’і калгаснікаў. Скончыў Целяшоўскую СШ (1953), фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педістытута (1958), Мінскую вышэйшую партыйную школу (1971). Настаўнічаў у Целяшоўскай (1958-1960), Рэчкаўскай (1960-1965) сярэдніх школах на Магілёўшчыне. Працаваў карэспандэнтам-арганізатарам Магілёўскага раённага радыёвяшчання (1965), загадчыкам сельска-гаспадарчага аддзела шклоўскай раённай газеты «Ударны фронт» (1965-1969), літсупрацоўнікам газеты «Звязда» (1969-1975), рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя» (1975-1982). З 1982г. адказны сакратар часопіса «Полымя». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1979г. Узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Літаратурнай дзейнасцю пачаў займацца ў студэнцкія гады. Першы верш надрукаваў у газеце «Магілёўская праўда». Паэзія В.Ракава прысвечана вёсцы, бацькоўскай зямлі, сялянскай працы (зборнікі «Вернасць», «Акно ў зялёны сад» ). Піша пра пераемнасць пакаленняў («Пазыўныя», «Песня і памяць», «І сноп, і птах, і я»), пра гераізм нашых людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны, захапляецца прыгажосцю прыроды, кахання. Тэма любві да Радзімы, сыноўяй вернасці Магілёўшчыне, Прысожжу. Піша таксама нарысы, крытычныя артыкулы, рэцэнзіі. Памёр 10 чэрвеня 2000 г.


Рубанаў Уладзіслаў Якаўлевіч
(15.12.1952 — 21.07.1994)

Беларускі празаік

Нарадзіўся 15 снежня 1952 г. у в.Аляксандраўка-1 Слаўгарадскага раёна ў сям’і настаўніка. Скончыў Аляксандраўскую васьмігодку, Слаўгарадскую СШ (1970), факультэт журналістыкі БДУ (1970-1975). З 1975 г. працаваў карэспандэнтам, адказным сакратаром старадарожскай раённай газеты «Поступ Кастрычніка», з 1978 г. у аддзеле прозы часопіса «Полымя», з 1986 г. загадчык рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1982 г.

У друку вычтупаў з 1972 г. Стала творчай працай пачаў займацца з 1976 г.. Першая кніга выйшла ў 1981г. пад назвай «Вокны без фіранак». Яго аповесці («Каштаны», «Грыбавар», «Разам па жыцці» ) і апавяданні заснаваны на сучасным матэрыяле.Цікавілі тэмы: маральна-этычныя і сацыяльна-псіхалагічныя аспекты жыцця вёскі і горада, духоўны свет сучасніка, праблема вясковага чалавека ў горадзе. Пісьменнікадчуваў небяспеку духоўнага Чарнобыля («Замах»), імкнуўся паказаць лепшыя традыцыі сялянскага побыту, сцвярджаў высокастаноўчыя рысы характару вяскоўцаў старэйшага пакалення: працавітасць, гаспадарлівасць, любоў і прыхільнасць да зямлі і прыроды. Стварыў паэтычны вобраз Мінска ў аповесці «Каштаны». Аўтар рамана «Не аднойчы забіты» (Маладосць. 1994 № 1-2).

Памёр 21 ліпеня 1994 г.


Міхась Стральцоў
(14.02.1937 — 23.08.1987)

Беларускі празаік, паэт, эсэіст, крытык, перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я.Купалы.

Міхаіл Лявонавіч Стральцоў нарадзіўся 14 лютага 1937 года ў вёсцы Сычын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. Бацька — Лявон Клімавіч — быў дырэктарам школы, а маці — Марына Міхайлаўна — займалася хатняй гаспадаркай. У 1954 годзе будучы пісьменнік закончыў Нова-Ельненскую сярэднюю школу (Краснапольскі раён) і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якое скончыў у 1959 годзе. Пасля заканчэння навучання працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» (1959–1961, 1969–1972 гг.), часопісах «Полымя» (1961–1962 гг.), «Маладосць» (1962–1968 гг.). У 1983 годзе стаў загадчыкам аддзела крытыкі часопіса «Нёман», дзе працаваў да заўчаснай смерці. Не стала Міхася Стральцова 23 жніўня 1987 года.

Пісаць Міхась Стральцоў пачаў яшчэ ў школьныя гады. Яго першыя вершы на рускай мове былі змешчаны ў вучнёўскім рукапісным часопісе «Прамень» (1952 г.), а потым з’явіліся ў раённай газеце «Калгасны шлях» (1965 г.). Першае апавяданне «Дома» надрукаваў у 1957 годзе (часопіс «Маладосць», № 1). А ў 1962 годзе выйшла першая кніга яго апавяданняў «Блакітны вецер». Яна звярнула на сябе ўвагу чытачоў, крытыкі, грамадскасці здольнасцю аўтара пранікаць ва ўнутраны свет сваіх персанажаў, зацікаўленасцю маральна-этычнай праблематыкай. Аднак сапраўдную славу прынеслі пісьменніку зборнік апавяданняў «Сена на асфальце» (1966 г.), аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970 г.), якія вызначаюцца веданнем жыцця, наватарскім падыходам да адлюстравання рэчаіснасці, арыгінальнасцю творчых пошукаў і знаходак. Аўтар удала спалучае бытавое, будзённае, зямное з узнёслым, рамантычным, у выніку чаго знаходзяць своеасаблівы сплаў проза і паэзія жыцця. Адначасова з празаічнымі творамі М.Стральцоў пісаў лірычныя вершы, поўныя роздуму і глыбокага пачуцця, нярэдка пабудаваныя на асацыятыўнай аснове (зборнікі «Ядлоўцавы куст», «Цень ад вясла»). Вядомы як перакладчык на беларускую мову твораў рускіх, украінскіх, італьянскіх, іспанскіх, лацінаамерыканскіх паэтаў — А.Пушкіна, М.Браўна, Н.Гільена, П.Нэруды, Я.Смелякова, рамана Ч.Айтматава «Заветны паўстанак» (1985 г.), прозы Л.Лявонава, Б.Пастэрнака і інш. Разам з В.Раеўскім напісаў сцэнарый тэлеспектакля «Па шчасце, па сонца» (паводле дарэвалюцыйных твораў Я.Купалы).

Усеагульным прызнаннем карыстаўся М.Стральцоў і як таленавіты крытык і літаратуразнавец. Яго праблемныя артыкулы па пытаннях літаратуры і мастацтва, што змяшчаліся ў перыядычным друку, эсэ, творчыя партрэты, якія ўвайшлі ў кнігі «Жыццё ў слове», «У полі зроку», адпавядаюіць высокім ідэйна-эстэтычным крытэрыям сучаснасці.

За актыўны ўдзел у літаратурнай дзейнасці М.Стральцоў узнагароджаны граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1988 годзе, пасмяротна, яму было прысвоена званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы за кнігу вершаў «Мой свеце ясны».

Пра месца пісьменніка ў жыцці, яго твораў Міхась Стральцоў пісаў так: «Загадка ёсць у лёсе амаль кожнага мастака. Гэта загадка ракі: яна нараджаецца недзе ў вытоках, трымціць і мроіцца там, і толькі мора, у якое ўпадае рака, цалкам разгадвае яе. Мора — гэта час, жыццё народа і літаратуры, да якіх прылучаееца мастак». І з гэтымі словамі таленавітага земляка нельга не пагадзіцца.


Шкірманкоў Фклікс Уладзіміравіч
(27.05.1926)

Беларускі пісьменнік, публіцыст, член Саюза пісьменнікаў (2007 г.).

Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў нарадзіўся 27 мая 1926 года ў мястэчку Прапойск (зараз горад Слаўгарад) на Магілёўшчыне, у сям’і служачага. У 1933 годзе пайшоў у школу. У 1939 годзе бацьку пераводзяць у горад Глуск, і сям’я пераязджае разам з ім. У студзені 1941 года Фелікса прынялі ў камсамол, у чэрвені ён закончыў васьмігодку. Марыў паступаць на геолага. 20 чэрвеня 1941 года адправіў дакументы на Урал у Алапаеўскі геолагаразведвальны тэхнікум. А 22 чэрвеня 1941 года пачалася вайна...

Пятнаццацігадовым падлеткам Фелікс Шкірманкоў уступіў у знішчальны батальён гарадскога пасёлка Глуск. Пасля сканчэння спецыяльнай партызанскай школы перайшоў лінію фронту і змагаўся на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў брыгадзе Ф.С.Шляхтунова, якая з 1943 года насіла імя генерала Л.М.Даватара. Двойчы быў паранены. У красавіку 1944 года накіраваны Беларускім штабам партызанскага руху на вучобу ў Маскоўскае Чырвонасцяжнае ваенна-інжынернае вучылішча, пасля — 4-ы Украінскі фронт, камандзір узвода разведкі 113-га асобнага ордэнаў Багдана Хмяльніцкага і Чырвонай Зоркі інжынерна-сапёрнага батальёна. І зноў раненне...

Вайну Фелікс Уладзіміравіч закончыў пад Прагай. Мае баявыя ўзнагароды: ордэн Чырвонага Сцяга, два ордэны Айчыннай вайны І ступені, медалі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны» І ступені, «За Пабеду над Германіяй».

З 1948 па 1951 гады праходзіў службу ў органах Госбяспекі Магілёўскай вобласці. Дэмабілізаваўся ў 1951 годзе, скончыў у Магадане курсы тэхнікаў-геолагаў, горны факультэт Усесаюзнага завочнага інстытута горада Масквы, працаваў геолагам, начальнікам геолагаразведвальнай партыі на Калыме, паўвостраве Чукотка, узбярэжжы Ахоцкага мора (Расія).

Прафесія геолага-пашукавіка, а затым геолага-разведчыка дала магчымасць мець сувязь з прыродай. Убачанае, запаўшае ў сэрца стала прасіцца на бумагу. Ужо ў той час пачалі зараджацца першыя замалёўкі, апавяданні, вершы, якія Фелікс Уладзіміравіч аднёс у рэдакцыю газеты «Охотско-эвенская правда» — гэта быў першы вопыт супрацоўніцтва з перыядычнымі выданнямі, своеасаблівы допінг, адкрыўшы дзверы рэдакцый абласных і рэспубліканскіх газет.

У ліпені 1979 года Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў вярнуўся ў родны Слаўгарад. Працаваў загадчыкам аддзела ў раённай газеце «Ленінскае слова» (1989 −1990 гг.). З 1991 па 1995 гады — старшыня Слаўгарадскага Савета дэпутатаў. У 1989 годзе стварыў грамадскі камітэт «Дзеці Чарнобыля».

Друкавацца Фелікс Уладзіміравіч пачаў з 1993 года ў часопісах «Полымя» і «Нёман», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». У 1990 годзе ў выдавецтве «Юнацтва» выйшла кніжка апавяданняў для дзяцей «Кто обидел медведя?» (на рускай мове), а ў сакавіку 1995 года да 50-годдзя Вялікай Перамогі ў выдавецтве «Беларусь» — дакументальная аповесць «Выпрабаванне», аб баявой дзейнасці партызанскай брыгады імя Л.М.Даватара ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У чэрвені 2004 года ў Магілёўскай абласной тыпаграфіі імя С.Собаля выйшла першая маленькая кніжачка вершаў для дзяцей малодшага школьнага ўзросту на беларускай мове «Незвычайны каляндар».

Далей былі кнігі прозы і паэзіі: «Через годы, через расстояния» (2005 г.), «Існасць» (2006 г.), «Баліць, крычыць мая душа» (2006 г.), «У костра своей осени» (2007 г.), «Тропою мамонтов» (2007 г.), «Беларусь — любы край» (2007 г.), «С нами надежда и вера» (2008 г.), «Папараць-кветка» (2009г.), «Так вижу...» (2009 г.), «Пераэкзаменоўка на восень» (2009 г.), «"

У 2010 годзе да 65-годдзя перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Фелікса Уладзіміравіча Шкірманкова выйшла кніга прозы і вершаў «Захоўваць вечна». У дакументальнай аповесці, вершах, якія ўвайшлі ў кнігу, чырвоным радком праходзіць думка: мы павінны заўсёды помніць тых, хто адстаяў родную Беларусь у крывавай вайне з фашысцкімі захопнікамі, і аддаваць ім пашану.

Таксама у 2010 годзе сумесна пісьменнікам з Мікалаем Мікалаевіч Незнананавым Фелікс Уладзіміравіч выдаў кнігу «Между двух океанов». Гэта кніга прысвечана тым, хто аддаў сябе цалкам пошукам і разведцы радовішчаў золата.

У красавіку 2011 года да 85-годдзя Фелікса Шкірманкова выйшаў новы зборнік «Дажынкі», які складаюць вершы на разнастайныя тэмы: Радзіма, яе гісторыі і будучыні, жыццёвых ўспамінаў самаго аўтара, супярэчлівага сучаснага чалавека.

Зараз Фелікс Уладзі-міравіч Шкірманкоў на пенсіі, займаецца літаратурнай працай, выступае ў мясцовым, абласным і рэспубліканскім друку.

З 27 сакавіка 2007 года Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў.


Яскевіч Алесь
(Яскевіч Аляксандр Сямёнавіч)
(12.06.1934 — )

Беларускі крытык, літаратуразнавец.

Нарадзіўся 12.06.1934 г. у в. Ушакі Чэрыкаўскага раёна. У сялянскай сям’і. Бацька загінуў на фронце ў 1944 г. Пасля гэтага маці з дзецьмі пераехала ў родную вёску Дабранку Слаўгарадскага раёна. Там, на беразе Сожа. У кутку Васілеўскай пушчы, прайшло пасляваеннае дзяцінства А. Яскевіча. Вучыўся ён у Дабранскай пачатковай школе, Старынскай сямігодцы. У 1953 г. скончыў з сярэбраным медалём Слаўгарадскую СШ. Пасля заканчэння аддзялення журналістыкі БДУ (1958), працаваў у Мінску літсупрацоўнікам шматтыражкі «На страже Октября» (1958 −1961), вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы (1961 −1964). З 1964 малодшы, з 1969 старшы. Потым вядучы супрацоўнік секара тэорыі гэтага інстытута.

Доктар філілагічных навук (1992). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1996 года.

З публіцістычнымі артыкуламі і допісамі пачаў выступаць у друку ў 1957 г., з крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі ў 1958 г. У полі зроку А.Яскевіча — шматлікія аспекты гісторыі і тэорыі літаратуры, традыцыі і наватарства, станаўленне нацыянальнага класічнага стылю («Нараджэнне новага мастацтва», 1980 г., у сааўтарстве; «Карані маладога дрэва», 1967 г.), псіхалогія творчасці і індывідуальнасці пісьменніка («Грані майстэрства», 1974 г.), структура празаічнага і вершаванага твора («Ад слова — да вобраза», 1968г.; «У свеце мастацкага твора» 1977 г.), праблемы літаратурнай метадалогіі, перакладу з блізкамоўных літаратур, аналітычнай перакладчыцкай канцэпцыі («Выхад за круг», 1985).

Па-наватарску напісана даследванне А. Яскевіча «Станаўленне беларускай мастацкай традыцыі» (1987), дзе прасочаны генезіс сучаснай беларускай літаратуры, у новым святле паказана ўзаемадзеянне літаратуры і фальклёру. Выступаў ў перыядычным друку з праблемамі артыкуламі па пытаннях развіцця беларускай літаратуры. Распрацоўваў новыя эксперымкетальныя падыходы ў даследванні рытму паэзіі і прозы («Рытмічная арганізацыя мастацкага тэксту», 1991). Спецыялізаваўся таксама ў галіне скарыназнаўства і біблеістыкі.



















  • © 2007-2026
    Славгородский районный исполнительный комитет
    Официальный сайт