Наталля нарадзілася і вырасла ў аграгарадку Свенск Слаўгарадскага раёна. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў бібліятэчны каледж і некаторы час працавала ў бібліятэчнай сетцы. У 2005 годзе яе жыццё цесна звязалася з клубнай справай — яна ўзначаліла Свенскі дом культуры, дзе працавала да 2013 года. Пазней ёй было прапанавана ўзначаліць Дом рамёстваў у Слаўгарадзе, які ў 2023 годзе атрымаў новую назву — Аддзел традыцыйнага мастацтва і рамёстваў.
Увесь працоўны шлях Наталлі непарыўна звязаны з культурай. Разам з калектывам аднадумцаў, дзе ўсе майстры — самавукі, яна захоўвае і адраджае беларускія народныя рамёствы: саломапляценне, вышыўку, ткацтва, вырабы з ватавага пап’е-машэ. Асаблівае месца ў яе творчасці займае ткацтва — старажытнае мастацтва, якое патрабуе цярплівасці, дакладнасці і глыбокага разумення традыцый.
Сёння Наталля не толькі стварае традыцыйныя беларускія паясы на ткацкіх станках і бердзе, але і шчодра дзеліцца сваімі ведамі з іншымі, праводзячы майстар-класы для дзяцей і дарослых. Першы штуршок да асваення ткацтва яна атрымала на навучальным семінары, арганізаваным метадычным цэнтрам. Далей былі кнігі, інтэрнэт-рэсурсы, уласныя пошукі і пастаяннае самаўдасканаленне.
Дзейнасць аддзела шырока папулярызуецца праз выставы, удзел у конкурсов і культурных мерапрыемствах рознага ўзроўню. Наталля ўпэўнена: спыняцца нельга, бо, на жаль, многія народныя рамёствы паступова знікаюць і ўсё менш людзей займаецца гэтай вузкай, але надзвычай важнай справай.
Замужам, выхавала сына, які ўжо стаў дарослым, Наталля застаецца прыкладам сучаснай беларускай жанчыны — моцнай, творчай, адданай сваёй зямлі і культуры. Яе праца — гэта захаванне майстэрства і той маленькай, але вельмі каштоўнай часцінкі беларускай душы, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне.
По материалам ПК





















































© 2007-2026