Інфармацыйна-сацыяльны «цягнік» «Забота» працягвае наведваць аддаленыя і маланаселеныя вёскі Слаўгарадчыны. У мінулы чацвер пунктамі яго маршруту сталі населеныя пункты Лапаціцкага сельсавета: Хварасцяны, Азарычы і Харанеў. У складзе інфармацыйнай групы да вяскоўцаў завіталі: намеснік старшыні райвыканкама Алена Шаўцова, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ала Воранава, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Наталля Шамалава, інспектар РАНС Сяргей Сіняўскі, участковы інспектар міліцыі Арцём Арлоў, сацыяльны работнік Людміла Федарэнка, медыцынскі работнік Ляснянскай амбулаторыі Юлія Касцючэнка, загадчыца аўтаклуба РЦК і НТ Галіна Максімава, а таксама творчыя калектывы працаўнікоў Лапаціцкага і Ляснянскага СДК і РЦК і НТ.
Алена Міхайлаўна агучыла вяскоўцам асноўныя напрамкі развіцця нашага раёна, паведаміла пра абстаноўку наконт віруснай пандэміі, заклікаўшы не паслабляць меры перасцярогі і зрабіць прышчэпку ад грыпу. Таксама Алена Міхайлаўна выслухала надзённыя праблемы вяскоўцаў і адказала на пытанні. У прафілактычным ключы была прамова інспектара РАНС. Сяргей Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу на забеспячэнні пажарнай бяспекі падчас ацяпляльнага сезона. Міліцыянер папярэдзіў вяскоўцаў наконт магчымых візітаў у вёскі махляроў. Медработнік прапанавала жыхарам неабходныя лекі і змерыла артэрыяльны ціск. Канцэртную праграму, падрыхтаваную артыстамі, публіка сустракала на «ура», адорвала апладысментамі і кветкамі.
Тэкст і фота Аксаны НЯМЦОВАЙ.