Павіншаваць лепшых прадстаўнікоў прафесіі з працоўнымі дасягненнямі і выказаць ім словы падзякі завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Міхалюта, ягоны намеснік Алена Шаўцова, а таксама кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна. У пачатку мерапрыемства для прысутных прадэманстравалі відэафільм пра нялёгкую працу сельгаспрацаўнікоў Слаўгарадчыны.
У прывітальным слове кіраўнік раёна адзначыў, што калі з палеткаў адыходзіць тэхніка, надыходзіць час зазірнуць у засекі, каб падвесці вынікі. Цяперашні год для аграрыяў раёна выдаўся насычаным і напружаным. Па словах Сяргея Валер’евіча, без перабольшвання, іншым разам прыходзілася працаваць на мяжы магчымасцей. Аднак галоўнае, што пасля цяжкасцяў у аграрным сектары раёна, і асабліва жывёлагадоўчай галіне, сёння можна смела канстатаваць той факт, што з’явілася ўстойлівая тэндэнцыя паступовага нарошчвання эфектыўнасці сельгасвытворчасці. Дзякуючы захаванню тэхналагічных параметраў, зладжанай працы аграрыяў, жніво прайшло на годным узроўні. Хлебны каравай раёна перавысіў 30 тысяч тон. І калі ў мінулым годзе ўраджайнасць складала 18 ц/га, то ў бягучым — больш за 27 ц/га. У ліку лідэраў Сяргей Міхалюта адзначыў ААТ «Ляснянскі Агра», дзе ўраджайнасць склала 39,5 ц/га. У жніве ўдзельнічаў 41 камбайнавы экіпаж, з якіх 13 перавысілі намалот ў 1000 тон. А экіпаж Генадзя Суворава з КСУП «Заранскі» намалаціў звыш 2000 тон збожжа. На адвозцы зерня 15 вадзіцеляў перавысілі адзнаку ў 1000 тон. Прычым вадзіцель КСУП «Заранскі» Аляксандр Караткоў упершыню ў гісторыі раёна і ўборачнай кампаніі перавёз звыш 3000 тон зерня. «Дазвольце выказаць сардэчную падзяку ўсім аграрыям раёна, нашым ветэранам за добрасумленную працу, гаспадарскія і руплівыя адносіны да зямлі-карміцелькі. Няхай вам заўсёды спадарожнічаюць удача і поспех, моцнага здароў’я, добрага настрою, стабільнасці і дабрабыту. Я ўпэўнены, што праца на зямлі самая шаноўная і значная, а рэальных вынікаў тут можа дасягнуць толькі той, хто любіць сваю справу ўсёй душой і гатовы кожны дзень шчыраваць ад ранку да цямна. Дзякуй вам, дарагія вяскоўцы, за працу і шчырыя любоў і адданасць роднаму краю», — рэзюмаваў Сяргей Валер’евіч. Пад апладысменты яму ўручылі каравай 2020 года, пасля чаго старшыня райвыканкама аддаў даніну павагі людзям шаноўнай прафесіі, правёўшы цырымонію ўзнагароджання. Лепшыя з лепшых былі ўзнагароджаны за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, значны асабовы ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўскай вобласці Ганаровымі граматамі і Падзякамі Магілёўскага аблвыканкама і камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама. Таксама падчас нарады былі падведзены вынікі раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур 2020 года. Пераможцы былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі. Адзначу, што сярод прадпрыемстваў трэцяе месца было прысуджана ААТ «Урэчанскі», вынік варты другога месца прадэманстравала ААТ «Прывольны агра», а пераможцам спаборніцтва стала ААТ «Ляснянскі Агра». Традыцыйна былі адзначаны і лепшыя камбайнёры, маладзёжныя экіпажы, вадзіцелі, занятыя на адвозцы зерня, і працаўнікі зернеачышчальных комплексаў.
Прыгожым падарункам для працаўнікоў сельскагаспадарчай нівы стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны артыстамі раённага цэнтру культуры і народнай творчасці, дзіцячай школы мастацтваў, цэнтру дзіцячай творчасці і іншымі.
Аксана НЯМЦОВА.
Фота аўтара.